Прагаласаваць мусяць усе. Даведаліся, як дзеля стапрацэнтнай яўкі на выбарах у бальніцах абмяжоўваюць правы пацыентаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Мінімум у чатыры бальніцы аднаго з абласных цэнтраў Беларусі паступіла распараджэнне забяспечыць яўку пацыентаў стацыянара на галасаванні. Праз гэта хворых не адпускаюць дадому на выходныя, а таксама зацягваюць выпіску. Больш за тое, як стала вядома «Люстэрку», у спісы выбаршчыкаў даручана ўключаць нават пацыентаў рэанімацыі, якія знаходзяцца на апараце ШВЛ. Расказваем.

Фото: TUT.BY
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».

«Здавалася б, якія к чорту выбары? Людзі на парозе канца жыцця»

Паводле супрацоўніцы адной з бальніц Алёны (імя суразмоўніцы змененае дзеля яе бяспекі), перад выбарамі яе кіраўніцтву спусцілі задачу «зверху» — 100% пацыентаў стацыянара мусіць прагаласаваць на ўчастку ў бальніцы. У медустанове датэрмінова гэта зрабіць нельга, толькі ў асноўны дзень выбараў, 26 студзеня. Не выключана, што менавіта таму з’явілася забарона адпускаць хворых дадому на выходныя.

— Заўсёды была практыка, што няцяжкіх пацыентаў пад распіску адпускаюць на выходныя дадому, а ў панядзелак да абыходу яны вяртаюцца назад, — кажа медык. — Плюс, праз тое, што шмат людзей з раёнаў, выпісвалі некаторых таксама на выходных, але ў выпісцы ставілі дату панядзелка, каб, зноў жа, іх блізкія маглі забраць дадому. Гэтым разам — не. Распараджэнне — нікога не адпускаць у суботу і нядзелю, адзіны варыянт — пасля таго як чалавек паставіць запаветную галачку.

Кіраўніцтва Алёны, з яе словаў, «не ў захапленні», але вымушанае падпарадкавацца ўказанню «зверху», інакш пагражаюць праблемамі. Таксама жанчына кажа, што медперсаналу даводзіцца складаць пафамільныя спісы тых, хто будзе знаходзіцца ў аддзяленні.

— Зразумела, што пойдуць гэта рабіць і ў прынцыпе фізічна дойдуць у нас не ўсе. Хто не захоча ці не зможа — ім скрыню прынясуць. А ад медперсаналу патрабуюць забяспечыць наяўнасць пацыентаў у палаце: нікуды не выпускаць, пад распіскі не адпускаць дадому, пакуль не прагаласуюць. Вось прагаласаваў — можаш ісці, — тлумачыць медык. — Выпісваць можна. Але калі ёсць нават мізэрны шанец, што ў дзень выпіскі з’явяцца ўскладненні і чалавек будзе вымушаны застацца на 26-га ў бальніцы, то ён абавязкова мусіць быць у спісах і галасаваць. Ці ў нашага кіраўніцтва будуць вялікія праблемы. Таму дактары аддаюць перавагу таму, каб штучна, на ўсялякі выпадак, зацягваць выпіску да панядзелка — мала што.

Паводле інфармацыі Алёны, распараджэнне забяспечыць яўку на бальнічныя ўчасткі паступіла яшчэ ў тры медустановы горада. Сярод іх — абласная клінічная бальніца і анкалагічны дыспансер.

— Гэта закранула цяжкіх анкалагічных пацыентаў у тым ліку. Здавалася б, якія к чорту выбары? Людзі наогул з цяжкасцю нешта разумеюць і на парозе канца жыцця. Але іх змушаюць да гэтай паказухі, — абураная Алёна, якая працуе з такімі хворымі. — Як яны збіраюцца прымушаць людзей, калі чалавек набярэцца смеласці і скажа ў твар, што галасаваць не хоча, калі яму прынясуць скрыню, я не ведаю.

Медык удакладняе, што ўключаць у спісы даручана нават тых, хто ляжыць у рэанімацыі і падключаны да апарата ШВЛ. Прычым некаторыя з такіх пацыентаў «без прытомнасці не першы дзень, а то і не першы тыдзень».

— На пытанне навошта, бо гэтыя людзі відавочна галасаваць не будуць, адказ быў: «Якая розніца? У нас галасуюць усе». Гэта блюзнерства, вядома. Там людзі, якія паступілі на паліятыўныя аперацыі на апошняй стадыі раку, але пасля наркозу ў прытомнасць не прыйшлі і ўжо, хутчэй за ўсё, не прыйдуць. Ім ужо не дапаможаш, але і нельга ж адключыць ад апарата — яны проста чакаюць свайго канца. Але прагаласаваць, атрымліваецца, мусяць, — расказвае беларуска.

«Падчас абвастрэння людзі могуць размаўляць з чорцікамі»

У аддзяленні Алёны дактары не хаваюць ад пацыентаў, што не адпускаць дадому на выходныя вымушаныя менавіта праз выбары. Паводле яе, тыя «ўваходзяць у становішча» з павагі да медперсаналу.

— У нас некалькі чалавек ужо пакінулі да панядзелка, хоць мусілі выпісаць у пятніцу, — кажа яна. — Мы асабліва гэта ўсё з пацыентамі не абмяркоўваем, але народ у асноўным пасмейваецца з выбараў. Некаторыя ўвогуле падумалі, што ўсё гэта жарт. Я не маю ні магчымасці, ні жадання слухаць, пра што паміж сабой гавораць пацыенты, але некаторыя дзяліліся, што іх дзяцей на працы таксама прымушаюць галасаваць.

Калега Алены працуе ў псіхіятрычнай бальніцы, і там сітуацыя такая самая. З яе словаў, часта там людзі ў складаных станах.

— Сказана, што павінныя прагаласаваць усе дзеяздольныя пацыенты. Ніхто не ўлічыў, што тыя самыя дзеяздольныя паступаюць падчас абвастрэння захворвання або калі чакаюць рашэння пра абмежаванне той самай дзеяздольнасці. Плюс яны там пад прэпаратамі. Яшчэ, бывае, прыязджае чалавек, па-руску кажучы «с белочкой» — у яго алкагольны делірый. Натуральна, дзеяздольнасці яго пазбаўляць ніхто не будзе, але ў якім ён стане, здагадацца нескладана. Тое самае з тымі, у каго шызафрэнія — проста так пралячыцца ніхто не прыходзіць, гэтых пацыентаў шпіталізуюць падчас абвастрэння. У гэты час людзі могуць размаўляць з чорцікамі і яшчэ бог ведае з кім. Але гэта нікога не цікавіць.

Чытайце таксама