Беларускі экс-добраахвотнік Аляксей паўгода ваяваў ва Украіне ў складзе УСУ. Па стане здароўя пасля ранення ён спыніў службу ў кастрычніку 2022 года і з’ехаў у Варшаву. З таго часу беларус, які працаваў да вайны ў IT-сферы, не можа працаўладкавацца. Адмовы яму прыходзілі ў тым ліку праз беларускі пашпарт і досвед ваеннай службы ва Украіне. Пагаварылі з ім пра гэта, а таксама пра адаптацыю да мірнага жыцця беларускіх экс-добраахвотнікаў.

Імя героя змененае з меркаванняў бяспекі. Яго звесткі ёсць у рэдакцыі.
«Ніхто не хоча праблем з чалавекам з патэнцыйным ПТСР»
Як толькі мы пачалі размову, 29-гадовы Аляксей адразу падкрэсліў: «Я не чакаю дапамогі ні ад кога, а проста хачу падзяліцца сваім досведам. Я за тое, каб дарослы чалавек вырашаў свае праблемы сам».
За апошнія 3,5 месяца беларус атрымаў больш за 100 адмоваў у працы, нягледзячы на тры гады досведу ў продакт-менеджменце і паўгода — у распрацоўцы.
— І гэта толькі тыя, хто хаця б даслаў адмову. Тых, якія проста праігнаравалі, я нават не лічыў. Мая праца продакт-менеджарам была цесна звязаная з даволі рэдкай сферай дзейнасці. Але я адгукаюся таксама на вакансіі не ў сваёй сферы, ва ўкраінскіх і польскіх кампаніях — пакуль усё глуха. І я звычайна разумею чаму, — кажа Аляксей.
Беларус з разуменнем ставіцца да адмоваў з аб’ектыўных прычын, але ў некаторых выпадках растлумачыць логіку наймальніка не атрымліваецца. Бывала, што Аляксей падыходзіў па патрабаваннях у вакансіі «на 200%», але ўсё роўна атрымліваў стандартную адпіску з адмовай. Было і такое, што адказ утрымліваў тлумачэнні, звязаныя з яго службай ва Украіне.
— У асноўным хто ж прызнаецца, чаму адмаўляюць? Не прынята тлумачыць прычыны. Але быў выпадак, калі HR-спецыялістка з украінскай кампаніі на папярэднім сумоўі сказала: «Вось вам мая рэкамендацыя — прыбярыце ваенную службу з рэзюмэ», — кажа Аляксей. — Іх кампанія, як выявілася, не наймае былых вайскоўцаў. Эйчар сказала, што мне будзе складаней шукаць працу з такой згадкай. Вайна вайной, а бізнес бізнесам. Ніхто не хоча сабе патэнцыйных праблем з чалавекам, у якога можа быць ПТСР (посттраўматычны стрэсавы разлад. — Заўв. рэд.). Я, вядома, прапанаваў паказаць даведкі, што псіхічна цалкам здаровы, прайсці любыя тэсты, але гэта не дапамагло.
Паводле словаў маладога чалавека, яшчэ адзін нюанс у тым, што ўкраінскія і некаторыя еўрапейскія кампаніі пасля 2022 года ў прынцыпе неахвотна наймаюць уладальнікаў беларускіх пашпартоў. Напрыклад, экс-добраахвотнік адправіў рэзюмэ ў эстонскую кампанію Bolt. Але атрымаў адказ, што «беларусаў не бяруць», нават нягледзячы на службу ва Украіне.
— Таксама ў маёй сферы, як ні дзіўна, даволі шмат кампаній, рэлакаваных з Беларусі. Але калі падаць туды рэзюмэ, то ўзнікае пытанне: хто працуе ў гэтай кампаніі? Гэта цалкам можа быць «ябацька», які здасць мае звесткі ў Беларусь. Калі не ўказваць наогул нічога, узнікае пытанне, чаму ў мяне гадавы прабел у кар’еры, — тлумачыць Аляксей.

Цяпер экс-добраахвотнік змяніў радок у рэзюмэ пра ваенную службу на «валанцёрства». Не пасля парады HR-спецыялісткі з украінскай кампаніі, куды яго не ўзялі, а праз «агульнага стаўлення да людзей, якія ваявалі».
— Я размаўляў з украінцамі, як з цывільнымі, так і з тымі, хто ваяваў яшчэ з 2014 года. Нават там, ва ўкраінскім грамадстве, да тых, хто ваяваў, ставіліся неадназначна. Нехта ўспрымаў як герояў, нехта — як маргіналаў, што рызыкуюць жыццём «незразумела за што». І цяпер многія беларусы ставяцца гэтак жа да нашых добраахвотнікаў. Я думаю, гэта ўплывае і на пошук працы, — разважае беларус. — Акрамя пытання ПТСР патэнцыйны эйчар можа бачыць маё рэзюмэ так: «Ага, працаваў, раптам сарваўся, звольніўся за пару дзён, з’ехаў ваяваць». З пункту гледжання бізнесу гэта можа выглядаць як кепская гісторыя. Для іх няма гарантый, што Беларусь не ўступіць у вайну і я не паеду зноў. Але да такіх абмеркаванняў з працадаўцамі не даходзіла, я проста падазраю, што такія думкі могуць быць.
«Многія расчароўваюцца і лічаць, што ім павінныя»
Аляксей шчыра прызнаецца, што разлады псіхалагічнага характару пасля вайны маюць месца. Але паводле яго, праяўляюцца яны часцей у тых, у каго ўжо былі ў нейкай ступені «праблемы з нервамі» да службы. Ён нагадвае, што многія добраахвотнікі паспелі адседзець у беларускіх турмах, і пасля такога досведу, падмацаванага вайной, людзі сутыкаюцца са стрэсам.
Беларус расказвае, што часцяком з’яўляецца расчараванне праз неадпаведнасць чаканняў ад службы ва Украіне і выніку. Паводле яго словаў, распаўсюджаная сітуацыя, калі экс-добраахвотнікі лічаць, што ім павінныя дапамагаць за тое, што яны рызыкавалі сваім жыццём, і «пафасна называюць сябе ветэранамі». У Аляксея да такога светапогляду стаўленне негатыўнае.
— Гэтыя людзі могуць сысці ў запой, ізалявацца ад свету, перастаць несці адказнасць за сваё жыццё, пачаць скардзіцца, што «іх кінулі». Ніхто нікога не кінуў, таму што ніхто нічога не абяцаў. Калі едзеш ваяваць, усё, што табе могуць абяцаць, — гэта зброя і тое, што ў цябе будзе магчымасць забіваць расіян. Гэта самае сумленнае вызначэнне таго, што дае Украіна. Калі гэта супадае з тваёй мэтай, то ўсё добра. Калі ты ехаў дзеля нейкай іншай мэты, то прыходзіць расчараванне, — разважае мужчына. — Многія думаюць, што ўсе дзверы будуць адчыненыя. У рэальнасці ў мірным жыцці ўсім пофіг. Гэта трэба разумець загадзя, калі збіраешся ехаць ваяваць. Ёсць ужо звольненыя хлопцы, якім гатовыя дапамагчы з працай, пабрацімы падтрымліваюць, а ім усё не тое, іх «павінныя падтрымліваць беларускія штабы і Украіна». Так, ніхто не дапамагае, але чаго чакаць ад дарослага жыцця? І калі ўжо хапіла смеласці называцца ваяром, то хаця б не ный пра сваю «цяжкую долю». Як ты збіраешся будаваць новую Беларусь, калі са сваім жыццём разабрацца не можаш?
На думку Аляксея, праблема звязаная з тым, што не было належнага псіхалагічнага адбору людзей, якія ў 2022 годзе далучыліся да палка Каліноўскага. Паводле яго, вясной і летам не было асаблівых гутарак. Таму ў полк трапілі людзі, чые мэты «былі крыху іншыя».
— Траплялі людзі, чые чаканні былі занадта наіўнымі, эмоцыі зашкальвалі, а маральны стан вымушаў жадаць лепшага, — расказвае беларус. — Многія верылі (цывільныя дагэтуль вераць), што рускія натоўпамі здаюцца ў палон, што ўдасца хутка «закідаць шапкамі» і ўвайсці ў Беларусь вызваліцелямі. У рэальнасці вайна — руцінная праца, нервы, шмат камунікацыі з людзьмі, шмат бытавухі і вялікая адказнасць за найменшыя памылкі.
«Яшчэ месяц-два — і давядзецца шукаць прасцейшую працу»
Нягледзячы на сваю пазіцыю «ніхто нікому не вінны», Аляксей называе балючай тэмай тое, што Украіна не выплачвае сваякам загінулых беларускіх добраахвотнікаў пахавальныя. Гэтае пытанне спрабуюць прасоўваць, але «ідзе яно даволі цяжка». Пры гэтым удовы загінулых часцяком жывуць не ў Беларусі, а ў Еўропе, у іх ёсць дзеці. Аднак дапамогі яны не атрымліваюць проста праз сіні пашпарт.
Таксама Аляксей звяртае ўвагу, што беларусам не плацяць і за раненні. Якасную медыцынскую дапамогу добраахвотнікам акажуць, могуць адправіць у Еўропу на лячэнне, але выплат не будзе.
— У інтэрнэце ўжо шмат жартаў, што беларусы — самыя ідэйныя на гэтай вайне. Доля праўды ў гэтым ёсць. Сам я ведаў, навошта еду туды. Для мяне шмат фактараў было, але агулам — адчуванне таго, што ва Украіне я буду карыснейшы, чым тут. Адчуванне, што ёсць рэчы, важнейшыя за ўласнае жыццё, — тлумачыць беларус сваю матывацыю ўступіць у полк.

Пасля сотні адмоваў ён не адчайваецца і працягвае пошукі працы па сваёй спецыяльнасці. Акрамя таго, вывучае розныя курсы, падцягвае англійскую і рыхтуецца да здачы экзамену на сертыфікат па проджэкт-менеджменце. Аляксей аптымістычна дзеліцца, што ў яго з’явіліся «прывідныя надзеі» на вакансіі, куды ён ідэальна падыходзіць па кваліфікацыі.
— Пакуль абыходжуся ашчаджэннямі, але яшчэ месяц-два без працы — і давядзецца ісці на прасцейшую працу, не па спецыяльнасці. Магчыма, агульны крызіс у IT скончыцца і стане лягчэй з працай. Калегі абяцаюць падтрымліваць, калі будзе трэба. Але я не хачу называць сябе чалавекам у нястачы. Уладкавацца кудысьці на будоўлю, думаю, не будзе праблемай. Ад Офіса (Святланы Ціханоўскай. — Заўв. рэд.) я нічога не чакаю. Ён не кантактуе з добраахвотнікамі, адпаведна, не ведае, хто куды з’язджае. Ды і ў цэлым няма жадання кантактаваць — яны далёкія ад тэмы вайскоўцаў і ад вайны. А ва УСУ плацілі ўсё ж такі нядрэнна: калі не весці разгульны лад жыцця і нармальна ваяваць, то вяртаешся не з пустой кішэняй, — заключае ён.