На YouTube-канале Алы Пугачовай з’явіліся дзве новыя музычныя кампазіцыі, абедзве прысвечаныя ваеннай тэматыцы. Адна з іх ужо публікавалася ў суполцы прыхільнікаў творчасці спявачкі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», але пазней была выдаленая з пазнакай: «Песня выдаленая да афіцыйнага рэлізу», піша «Холод».
Песні называюцца «Мама» і «Поцелуй войны». Тэкст першай кампазіцыі выбудаваны вакол дыялогу маці і яе загінулага на вайне сына. Другая, паводле інфармацыі СМІ, напісаная па матывах Свірска-Петразаводскай аперацыі 1944 года, падчас якой быў вызвалены горад Петразаводск і разгромленая вялікая частка фінскіх войскаў на тэрыторыі СССР.
«Поцелуй войны» ўжо выкладваўся на YouTube, але ў мужчынскім выкананні. На канале Пугачовай таксама гаворыцца, што яна сама напісала тэкст для песні «Мама». На гэты момант спявачка не каментавала выхаду новых кампазіцый у сваіх сацыяльных сетках і не расказвала, якім менавіта падзеям і рэальным асобам яны прысвечаныя.
Ала Пугачова і яе муж Максім Галкін пакінулі Расію пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, Галкін публічна выступае супраць дзеянняў расійскіх уладаў і быў прызнаны «замежным агентам», спявачка выказвалася ў ягоную падтрымку.
Пасля ад’езду пары расійскія прапагандысты неаднаразова спрабавалі стварыць вобраз «кінутай і забытай усімі» спявачкі, заяўляючы, што на яе юбілей не прыехалі ні муж, ні сябры, а ёй самой зычылі «быць бліжэйшай да Радзімы — і фізічна, і маральна». Расійскія дэпутаты прапаноўвалі забраць у яе маёмасць у Расіі і абвясціць «замежным агентам», Аднак Мінюст паведамляў пра адсутнасць падставаў для прыняцця такога рашэння.
Таксама праўладны тэлеканал НТВ выпусціў серыю фільмаў, у якіх абвінаваціў Пугачову ў арганізацыі заказнога забойства серыйнага даносчыка Віталя Барадзіна, а таксама ў супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі. Барадзін сцвярджае, што напісаў на спявачку заяву ў ФСБ і Следчы камітэт, а таксама папрасіў пазбавіць яе дзяржаўных узнагарод. На гэты момант улады ніяк не адрэагавалі на сцверджанні даносчыка.