На мінулым тыдні стала вядома пра затрыманне праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай. Таксама на «суткі» трапіў яе «калега» — Сяргей Лашкоў. Іх аб’ядноўваюць прарасійскія погляды, а таксама той факт, што абое затрыманыя па палітычных артыкулах. Чаму ўлады раптам вырашылі адправіць за краты лаяльных ім актывістаў? Гэта тэндэнцыя ці супадзенне? Вось што кажуць эксперты.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман адзначае, што арышт Вольгі Бондаравай — унікальны для сучаснай беларускай рэчаіснасці. Блогерка часта дазваляла сабе крытыку нават членаў сям'і Аляксандра Лукашэнкі, але ёй за гэта нічога не было. Шрайбман упэўнены, што ў актывісткі быў «дах», з якім нешта здарылася.
— Відавочна, што ў яе было прыкрыццё, але незразумела, хто менавіта — мяркуючы з усяго, нейкія прарасійскія чыноўнікі ці сілавікі, — лічыць ён. — Цяпер альбо яе дах" стаў не абсалютным і даў збой, альбо Бондарава перайшла нейкія лініі, якія ўжо нельга было перасякаць. Пытанне адкрытае. Мы ж не ведаем усіх раскладаў. Гэта цікава, бо гэта нешта новае, раней такога не было. Ёй было дазволена, здаецца, усё.
На думку палітычнага аналітыка Аляксандра Фрыдмана, прычынай адміністрацыйнага арышту Бондаравай магла стаць помста некага з сістэмы ўлады, каго актывістка пакрыўдзіла сваімі заявамі ці дзеяннямі. Але ён дапускае і іншую версію.
— Магчыма, гэта агульнае рашэнне сістэмы: паказаць Бондаравай на яе месца і прапанаваць некалькі варыянтаў — альбо яна пачне цалкам гуляць па правілах і адкіне любую самадзейнасць, альбо наогул «закрываецца», — мяркуе суразмоўца. — А калі яна ўсё ж не зробіць высноваў, то санкцыі могуць быць яшчэ сур’ёзнейшымі.

Ці можна казаць, што тое, што адбылося з Бондаравай і Лашковым — гэта пачатак барацьбы ўлады з людзьмі, якія выступаюць за мацнейшую інтэграцыю Беларусі з Расіяй? Асабліва калі ўлічыць той факт, што летась пад суд трапляла і прарасійская актывістка з Віцебска Эльвіра Мірсалімава (Сяргей Лашкоў — акурат яе паплечнік). Арцём Шрайбман лічыць, што пакуль мала падставаў для такіх высноваў.
— Бо ўсё ж Бондарава — асаблівы выпадак, — упэўнены ён. — Сяброў Мірсалімавай і яе саму ўжо рэпрэсавалі, гэта здаралася. А вось Бондарава была недатыкальнай. Мне пакуль няясныя прычыны рэпрэсій таго ж віцебскага сябра Мірсалімавай. Гэта проста супадзенне з тым, што нарэшце ў кагосьці перапоўнілася чара цярпення і Бондараву таксама пачалі прэсаваць? Ці гэта сапраўды частка нейкага трэнду на зачысткі прарасійскіх актывістаў?
Аляксандр Фрыдман упэўнены, што тэндэнцыя ёсць. Ён кажа, што ў дзеяннях беларускіх уладаў няма нічога новага і такое ўжо здаралася ў сусветнай гісторыі.
— Тое самае было ў Маа Цзэдуна з хунвэйбінамі (актывісты, якія змагаліся з праціўнікамі кітайскага лідара. — Заўв. рэд.) у эпоху культурнай рэвалюцыі ў Кітаі, — прыводзіць прыклад Фрыдман. — Іх выпусцілі, але яны сталі інструментам. Па сваім менталітэце, манеры паводзінаў і нянавісці да ўсяго інтэлектуальнага Бондарава — тыповы хунвэйбін.
Чытайце таксама