Ці быў у зніклай Анжалікі Мельнікавай доступ да спісаў тых, хто данаціў НАУ, і іншай важнай інфармацыі? Даведаліся ў Паўла Латушкі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, пра знікненне якой стала вядома на мінулым тыдні, з 2022 года працавала ў камандзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. У арганізацыі, якую ўзначальвае Павел Латушка, жанчына спачатку была каардынатаркай праектаў, а пазней стала дарадцай па стратэгічным планаванні. «Люстэрка» спытала ў Латушкі, ці мела Мельнікава доступ да адчувальнай дакументацыі. Напрыклад, ці ведала яна імёны людзей, якія данацілі НАУ? Ці прозвішчы беларускіх чыноўнікаў, якія ўзялі ўдзел у ініцыятыве арганізацыі і ў 2021 годзе падпісалі ліст да Аляксандра Лукашэнкі?

Анжелика Мельникова, спикер Координационного совета. Варшава, Польша. 19 июля 2024 года. Фото: Мира Леселишская / "Белсат"
Анжаліка Мельнікава, спікерка Каардынацыйнай рады. Варшава, Польшча, 19 ліпеня 2024 года. Фота: Міра Лесялішская / «Белсат»

Павел Латушка кажа, што Анжаліка Мельнікава магла мець доступ да ўсіх фінансавых дакументаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Падкрэслівае, што гаворка пра тыя, што датычылі справаздачнасці перад донарамі.

— У Анжалікі дакладна няма і не было доступу да спісаў тых, хто данаціў, то-бок людзей, якія фінансава падтрымліваюць Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, — адзначыў Латушка.

Палітык кажа, што Мельнікава не мела інфармацыі пра беларускіх чыноўнікаў, якія ў 2021 годзе падпісалі ліст да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем спыніць гвалт, вызваліць палітвязняў, прыцягнуць да адказнасці кіраўнікоў сілавых структур і ЦВК, а таксама правесці новыя выбары. Нагадаем, паводле заявы НАУ, подпісы пад лістом пакінула каля 1700 чыноўнікаў.

— Яна не працавала з гэтым праектам і не залучалася да задач, звязаных з апрацоўкай ці захоўваннем гэтай інфармацыі, — сцвярджае Латушка.

З вясны 2023 года Народнае антыкрызіснае ўпраўленне вядзе працу па зборы дакументаў для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе. Арганізацыя хоча дабіцца выдачы ордара на яго арышт за незаконны вываз у Беларусь дзяцей з Украіны і злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да цывільнага насельніцтва нашай краіны. Ці ёсць пагроза публікацыі гэтых дакументаў праз тое, што Мельнікава знікла?

— Інфармацыю, сабраную НАУ, мае вельмі абмежаванае кола супрацоўнікаў, — тлумачыць Павел Латушка. — У адпаведнасці з нашымі мерамі бяспекі ўсе такія супрацоўнікі непублічныя. Анжаліка Мельнікава — супрацоўніца публічная, яна доступу да такой інфармацыі ніколі не мела.

Кіраўнік НАУ сцвярджае, што ўся канфідэнцыйная інфармацыя па пытанні прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці ў МКС знаходзіцца ў асобнай інфармацыйнай экасістэме.

— Нават калі будзе атрыманы доступ да акаўнтаў любых публічных асобаў НАУ, гэта не дасць якіх-кольвек магчымасцяў атрымаць інфармацыю, якая збіраецца для перадачы ў МКС, — рэзюмуе Латушка.

Чытайце таксама