Мір у абмен на тэрыторыі: Пуцін агучыў свае ўмовы спынення агню і пачатку перамоваў з Украінай
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што гатовы да спынення агню і перамоваў з Украінай. Але спачатку Кіеў мусіць выканаць шэраг умоваў.

Владимир Путин в ходе выступления на пленарной сессии Петербургского международного экономического форума 7 июня 2024 года. Фото: пресс-служба Кремля
Уладзімір Пуцін. Фота: прэс-служба Крамля

— Гаворка не пра замарозку канфлікту, а пра яго канчатковае завяршэнне. Як толькі ў Кіеве пагодзяцца на поўны вывад сваіх войскаў з ДНР і ЛНР, Запарожскай і Херсонскай абласцей і рэальна пачнуць гэты працэс, мы гатовыя прыступіць да перамоваў, не адкладаючы іх. Паўтару, нашая прынцыповая пазіцыя наступная: нейтральны, пазаблокавы, бяз’ядзерны статус Украіны, яе дэмілітарызацыя і дэнацыфікацыя, — заявіў Пуцін, выступаючы ў расійскім МЗС.

Ён дадаў, што Расія таксама патрабуе «забяспечання правоў рускамоўных» ва Украіне і «прыняцця новых тэрытарыяльных рэалій» — прызнанне статусу Крыма, Севастопаля, самаабвешчаных ДНР і ЛНР, Херсонскай і Запарожскай абласцей як суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Пуцін удакладніў, што войскі мусяць быць выведзеныя менавіта з усёй тэрыторыі Запарожскай і Херсонскай абласцей «у межах тых адміністрацыйных межаў, якія існавалі ў момант іх уваходжання ва Украіну».

— У далейшым усе гэтыя базавыя, прынцыповыя палажэнні мусяць быць зафіксаваныя ў выглядзе фундаментальных міжнародных дамоўленасцяў. Натуральна, гэта прадугледжвае і скасаванне ўсіх заходніх санкцый супраць Расіі, — заявіў Пуцін.

Адзначым, што заява Пуціна прагучала напярэдадні Саміту міру, які пройдзе ў гэтыя выходныя ў швейцарскім Бюргенштоку. Мерапрыемства арганізаванае з ініцыятывы ўкраінскага боку. Яго мэта — правесці на высокім узроўні дыскусію пра «ўсёабдымны, справядлівы і трывалы мір для Украіны» ў кантэксце міжнароднага права і Статута ААН, а таксама распрацаваць планы па дасягненні міру.

Як пісаў Bloomberg, чакаецца, што ў камюніке, прынятым па выніках саміту, будуць адлюстраваныя тры пункты «ўкраінскай формулы міру»: пра харчовую бяспеку, радыяцыйную і ядзерную бяспеку, а таксама гуманітарныя пытанні — вызваленне ўсіх палонных і дэпартаваных, у тым ліку ўкраінскіх дзяцей.

Расію на саміт не запрасілі. Афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў у адказ заявіў, што ніякіх сур’ёзных чаканняў ад канферэнцыі ў Швейцарыі без удзелу Расіі быць не можа.

«Без удзелу Расіі, сумленнага і адказнага дыялогу з намі выйсці на мірнае рашэнне па Украіне і ў цэлым па глабальнай еўрапейскай бяспецы немагчыма», — заявіў падчас сённяшняга візіту ў МЗС і Уладзімір Пуцін.